Сусветна вядомы фотакарэспандэнт Сяргей Грыц — пры прыроду здымкаў і здымкі прыроды
05.12.2016 | 0

Сусветна вядомы фотакарэспандэнт Сяргей Грыц — пры прыроду здымкаў і здымкі прыроды

Здымкі фотакарэспандэнта міжнароднага агенцтва Associated Press Сяргея Грыца друкаваліся ў сусветна вядомых выданнях USA Today, Washington Post, Daily Mail, Herald Tribune, Jakarta Post і шмат іншых. Карэспандэнт «Беларускай лясной газеты» Міхась Талочка

Сяргей Грыц нарадзіўся ў Навагрудку, працаваў там у раённай газеце, затым — вучоба на факультэце журналістыкі БДУ, работа ў рэспубліканскіх выданнях. Ён фатаграфаваў вайну ў Афганістане і Іраку, падзеі на Майдане, а пасля і ваенны канфлікт ва Украіне, сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і палатачныя гарадкі бежанцаў, дзяцей Беслана, навадненні і пажары… Жыве фотамайстар у Мінску, але з-за напружанай працы сустрэцца з ім няпроста. Наша гутарка адкладвалася некалькі разоў — спачатку ён накіраваўся на Алімпіяду ў Бразілію, пасля — у Азербайджан асвятляць візіт Папы Рымскага Францішка. І ўсё ж большасць яго здымкаў — з роднай Беларусі.

— Сяргей Васільевіч, са школьных гадоў вы займаецеся фотасправай. Я і цяпер памятаю вашы фота, надрукаваныя ў навагрудскай раённай газеце «Новае жыццё». Ужо тады вас цікавіла прырода, але, здаецца, больш шчыльна, уважліва вы сталі адносіцца да яе адлюстравання пазней, у пачатку 2000-х.

— Прырода захапляла мяне заўсёды. Але з часам захацелася пашырыць прафесійны дыяпазон, атрымаць новы досвед. Штуршком для гэтага сталі працы маіх калег — Сяргея Плыткевіча, Васіля Фядосенкі, Віктара Казлоўскага. Паспрыяла зацікаўленасці дзікай прыродай і тое, што здымкі гэтай тэматыкі запатрабаваны і агенцтвам, дзе я працую. Такую фотапрадукцыю агенцтвы распаўсюджваюць сярод сваіх падпісчыкаў — газет, часопісаў, інтэрнэт-сайтаў, тэлекампаній, і яна карыстаецца попытам. Шмат якія газеты ў свеце робяць штодзённыя падборкі лепшых фота, куды даволі часта трапляюць здымкі звяроў і птушак з усіх куткоў нашай планеты.

— І вашы працы змя­шчаліся ў такіх падборках?

— Так. І даволі часта.

— Напрыклад.

— Апошні факт. Параўналь­на нядаўна ў мінскім парку імя М. Горкага я фатаграфаў вавёрачку. Гэты здымак трапіў у падборку лепшых фота газеты «Financial Times».

— Зрабіць цікавы здымак, зразумела, задача няпростая. Тут часта і выпадак дапамагае. Ці ўсё ж галоўнае — адмысловы пошук патрэбнага кадра?

— Цікавае фота можна зрабіць і выпадкова. Але часцей за ўсё гэтаму папярэднічае сур’ёзная падрыхтоўка. Добры здымак з жыцця дзікай прыроды — гэта вынік супольнай працы з людзьмі, якія працуюць у лясной гаспадарцы — леснікамі, егерамі, паляўніцтвазнаўцамі. Без апоры на гэтых спецыя­лістаў цяжка зрабіць нешта вартае ўвагі. Яны ведаюць куткі лесу, дзе месцяцца гнёзды і норы; падкажуць, якія падыходы лепшыя; параяць методыку таго, як падкрасціся, схавацца, каб зрабіць удалае фота. Без спецыялістаў лясной гаспадаркі працаваць складана, амаль немагчыма. І сам працэс займае неверагодна шмат часу. Напрыклад, здымак лісы ў палёце — ён напалову выпадковы, напалову — вынік падрыхтоўчай працы. Разам з калегам Віктарам Казлоўскім мы сядзелі ў шалашы, зробленым работнікамі Вілейскага доследнага лясгаса. Рыхтаваліся фатаграфаваць такаванне цецерукоў. Сонца толькі пачало ўзыходзіць. Было чуваць іх «чуфыканне». Раптам у нашым сектары назірання з’явілася ліса — яна весела бегла, хутчэй нават падскоквала. Для фатаграфання я меў толькі некалькі імгненняў. Ліса, пачуўшы стракатанне фотапарата, разгублена прыпынілася. Пачала прынюхвацца і змяніла напрамак свайго руху амаль на 180 градусаў. Удалося зрабіць фота таго, як жывёла бяжыць на нас і ў адваротным напрамку.

— Мне запомніўся здымак зайца на вокладцы аднаго з беларускіх часопісаў.

— Таксама ў Вілейскім раёне мы ладзілі загоннае фотапаляванне. Мясцовы жыхар па дамоўленасці выганяў з лесу ў поле, дзе мы знаходзіліся, дзікіх жывёл. На мяне выскачыў заяц. Я быў у белым маскхалаце, фотаапарат таксама прыкрыў белай тканінай. Працэс здымак заняў не болей за тры секунды — угледзеўшы мяне, ён ухіліўся ўбок і паімчаў прэч. Ёсць здымкі і казуль, і аленяў, і ласёў. Прыгадаваецца, як сфатаграфаваў ласіху з двума ласянятамі.

— Мы разам не раз прысутнічалі на паляваннях, прытым не заўсёды ўдалых, нават на бабра. Вам якое бліжэй: загоннае ці індывідуальнае?

— Я не прыхільнік фотапалявання падчас загону. Падкрэсліваю, фотапалявання. Хаця стараюся выкарыстаць кожную магчымасць. Мне тады даводзіцца падладжвацца пад агульны алгарытм паляўнічай каманды. Адчуваю сябе ў ролі нібыта нейкай даважкі, якая хоць і не блытаецца пад нагамі, але яе інтарэсы ўлічваць неабавязкова. Таму большае задавальненне прыносіць фотапаляванне, калі ты адзін ці з егерам альбо паляўніцтвазнаўцам. Чым менш людзей побач, тым бліжэй дзікая прырода і яе насельнікі.

— Дарэчы, а каго цікавей фатаграфаваць: птушак ці звяроў?

— Па шчырасці — птушак. Бо яны даступныя для здымак на працягу ўсяго года. Тыя ж звяры ў ліпені ці жніўні маюць магчымасць схавацца ў высокіх травах, а птушкі заўсёды навідавоку (за выключэннем самых асцярожных). У Беларусі іх вельмі шмат, да таго ж розных відаў. Удалы здымак зроблены на тэрыторыі экалагічнай сядзібы Зміцера Шамовіча. Ён пабудаваў назіральны пункт адмыслова для фотапалявання, у які мы заходзілі ранішняй цемнатой і выходзілі толькі ўвечары, калі сцямнела. Пашанцавала: на прываду, акрамя варон і сініц, прыляцеў беркут, а гэта птушка вельмі асцярожная.

— Дазволю сабе ўхіліцца ад асноўнай тэмы нашай гутаркі. Вы часта фатаграфуеце сусветныя спартыўныя мерапрыемствы. Што пры гэтым самае цікавае і складанае? Магчыма, спецыя­лізуецеся на нейкім канктрэтным відзе спорту.

— Праца ў інфармацыйным агенцтве прадугледжвае ўніверсальнасць. Я быў на трох алімпіядах: на першай здымаў настольны тэніс, на другой — фрыстайл, горныя лыжы, на трэцяй — воднае пола. Спецыфіку вывучаеш, так бы мовіць, з калёс, а трэба паказаць і ўзнагароджванне, і моманты спартыўнай барацьбы, і знайсці нешта адмысловае — тое, чаго ніхто з калег раней не заўважаў. Асвятленне міжнародных спартыўных мерапрыемстваў — вельмі напружаная праца з дэфіцытам рэгулярнага харчавання і належнага сну.

— Сёлета вы працавалі на Алімпіядзе ў Бразіліі. Два гады таму таксама знаходзіліся там — на чэмпіянаце свету па футболе. Было тады няпроста. Вы казалі, лік прапаўшай фотаапаратуры лепшых сусветных сартоў ішоў на дзясяткі тысяч долараў. Якая сітуацыя склалася цяпер?

— Гэта асаблівасць не спартыўных мерапрыемстваў, а краін, дзе яны праводзяцца. Натуральна, мы павінны клапаціцца пра асабістую бяспеку, пра захаванасць фотаапаратуры. Спаборніцтвы ў Бразіліі, у адрозненне ад алімпіяд у Лондане і Сочы, вымушалі рабіць гэта больш пільна. Па-першае, ні на хвіліну нельга без нагляду пакідаць апаратуру і камп’ютар. Я выкарыстоўваў адмыслова зробленыя і набытыя тросікі з замкамі для апаратуры. Не пакідалі нічога ў камерах захоўвання, бо яны лёгка адчыняюцца. Пазбягалі знаходзіцца на адкрытай прасторы, не кантраляванай паліцыяй. На сёлетняй Алімпіядзе ў Бразіліі мы з калегамі ўжо былі гатовыя да спецыфікі гэтай краіны.

— Журналіст патрэбен жывы і актыўны, а не забіты ці ўзяты ў палон. Таму ў гарачых кропках пра сваю бяспеку трэба памятаць найперш. Мы не салдаты, каб кідацца наперад пры першых гуках бою. Наадварот, нельга трапляць пад абстрэл ці ў цэнтр баявых дзеянняў. ­Яшчэ мае старэйшыя калегі сцвярджалі, што падчас рэальнага бою зрабіць прыстойныя здымкі немагчыма. Любая памылка ці празлішняя эмацыйнасць можа каштаваць вам жыцця. Фатограф павінен уяўляць, дзе знаходзяцца супрацьдзейныя бакі і не трапляць між імі, у шэрую паласу. Неабходна захоўваць нейтралітэт у выказваннях, нікога не крытыкаваць, не ганьбіць. Нельга выказваць свае палітычныя погляды ў гутарках і сацыяльных сетках, падтрымліваць стасункі з незнаёмымі ці сумніўнымі асобамі. Трэба працаваць у камандзе. Неабходна прыслухоўвацца да вайскоўцаў, з якімі ты ў дадзены момант. Сказалі, што нельга фатаграфаваць, — імгненна згаджайся, каб іх не раздражняць і не выклікаць падазронасць.

— Вернемся да роднай беларускай прыроды. Часта вы робіце фотаздымкі ваколіц роднага Навагрудка. Якія мясціны нашай краіны вас найбольш прывабліваюць і куды збіраецеся накіравацца ў бліжэйшы час?

— Хаця кажуць, што наша краіна невялічкая, у ёй незлічоная колькасць прыгожых і цікавых мясцін. Мне падабаецца Налібоцкая пушча, Беларускае Паазер’е, хачу больш зведаць лясы Віцебшчыны. У Навагрудскім раёне люблю фатаграфаваць вакол Нёмана, падбірацца да заходняга ўскрайку Налібоцкай пушчы. Спадзяюся там пабыць зімою, шмат працы планую і на вясну. А фатаграфую дзікую прыроду я круглы год.

Крыніца тут.

Оставить комментарий

Оставлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Пожалуйста, авторизируйтесь или зарегистрируйтесь.