Фотавыстава «#дом207595»
11.01.2019 | 0

Фотавыстава «#дом207595»

10 студзеня 2019 года ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» адкрылася  выстава Беларускага саюза фатографаў  #дом207595.

207 595 км2 - гэта плошча Беларусі: Радзімы, дома, месца, якое яднае мільёны людзей, знітоўвае пакаленні і наракае лёсы. За гэтымі лічбамі - шум вялікіх гарадоў і цішыня маленькіх вёсак, людзі, што там жывуць, іх побыт і шляхі, якімі яны ходзяць. Адным словам, гэта і ёсць само жыццё, якое стала галоўнай тэмай выставы #дом207595.  Кожны з аўтараў знайшоў для яго сваё вызначэнне, распавёў пра асабіста блізкія рэчы, памкнуўся заглянуць ці то ў дом, ці то ў вочы, душы людзей знаёмых і чужых.

 

 

У выставе прымаюць удзел 22 аўтары з Гародні, Гомеля, Мазыра, Магілёва, Асіповічаў, Салігорска.

Шчудло Мірон
Сідлераў Аляксандр
Карчэўскі Генадзь
Дондзік Георгій
Талкачоў Анатоль
Грыцкевіч Юрый
Цішкоўскі Павел
Гозман Міхаіл
Цітоў Мікалай
Шэгельман Зіновій
Ліцін Аляксандр
Савосіна Ірына
Хацяінцаў Мікалай
Янавіцкі Карл
Ерашевіч Алена
Блохава Любоў
Саенка Аляксандр
Курыла Сяргей
Зазуля Аляксандр
Бахметаў Вячаслаў
Марозаў Сяргей
Пратасеня Мікалай 

 

Тэма вялікага агульнага дома для Вячаслава Бахметава сканцэнтравана на выявах пейзажаў і архітэктуры гомельскіх паркаў.  Аляксандр Саенка ў серыі «Ядуны» распавядае пра дабрачыннасць, міласэрнасць і сацыяльнае служэнне. Сяргей Марозаў асвятляе ў начной цемры жыццё байкераў, Любоў Блохава заглядвае ў смартфоны людзей у транспарце, сцвярджаючы, што інтэрнэт падарыў людзям неверагодную свабоду зносін і перамяшчэння. «Неба жыцця» і «Святло ў акне» Аляксандра Зазулі схіляе да душэўных перажыванняў, назіранняў за прыродай.  Чалавеку без гучных вызначэнняў прысвечана серыя  «Проста людзі» Алены Ерашэвіч, для якой за наўмысна-пафасным выразам «соль зямлі» стаяць яе сучаснікі, вяскоўцы, якія працуюць на зямлі. Гэтую тэму на выставе працягвае і серыя Мікалая Пратасені  «Людзі маёй вёскі».

Асобную і самую вялікую частку экспазіцыі складаюць работы фатографаў з Магілёва. Аналагавыя чорна-белыя фотаздымкі распавядаюць пра традыцыі магілёўскай школы фатаграфіі  ў 1970-1990-ыя гады.

Аўтары ўжываюць самыя разнастайныя тэхнікі. У экспазіцыі побач змяшчаецца аналагавая, лічбавая фатаграфія, працы, выкананыя ў тэхніцы  ручнога ці гуміалейнага друку.

Такім чынам, аб'яднаныя агульнай тэмай разнастастайныя серыі  фатаграфій аўтараў з розных рэгіёнаў Беларусі  дэманструюць  як развіваецца сёння сучасная нацыянальная фатаграфія.

 



Месца: мастацкая галерэя «Універсітэт культуры»
Час працы галерэі: 11:00 - 19:00 (нядзеля, панядзелак - выходныя)
Адрас: Кастрычніцкая плошча, 1 
Выстава працуе да 21 студзеня

Оставить комментарий

Оставлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Пожалуйста, авторизируйтесь или зарегистрируйтесь.