«Там». Выстава Альберта Цэхановіча
28.09.2017 | 0

«Там». Выстава Альберта Цэхановіча

Кніжна-выставачная прастора «Кнiжная Шафа» прымае ўдзел у міжнародным фестывалі «МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ - 2017», у рамках якога прадстаўляе выставу вядомага і самабытнага беларускага аўтара Альберта Цэхановіча.

Выстава «Там» — гэта частка праекта «Падарожжа з Купалам» ў супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы (Мінск, Беларусь). Экспазіцыя ўключае некалькі серый фотаздымкаў: «У пошуках Папараць-кветкі», «На Іматру» і «Багна», зробленых Альбертам Цэхановiчам падчас шматгадовых вандровак па мясцінах, звязаных с жыццём і творчасцю выбітнага беларускага паэта.

Прадстаўленыя працы — гэта аўтарскія срэбныя адбіткі на барытавай фатаграфічнай паперы, выкананыя ўручную ў тэхніцы класічнага чорна-белага друку. Інтэнцыя выставы заключаецца не ў простым адлюстраванні тых ці іншых месцаў, а хутчэй у стварэнні візуальных вобразаў, у чымсьці сугучных настрою купалавых вершаў і пэўнаму перыяду жыцця паэта.

Альберт Цэхановiч нарадзіўся, жыве і працуе ў Мінску. Аўтар шаснаццаці персанальных і ўдзельнік некалькіх дзясяткаў калектыўных выстаў, у тым ліку ў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літве, Швейцарыі, Францыі, Англіі, Іране, Кітаі. Аўтар працуе ў тэхніцы класічнага чорна-белага друку, выкарыстоўвае таксама спецыяльныя аўтарскія прыёмы хімічнай апрацоўкі выявы.

Творы спадара Цэхановіча захоўваюцца ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск, Беларусь), Музеі гісторыі фатаграфіі (Санкт-Пецярбург, Расія), Дзяржаўным музейна-выставачным цэнтры РОСФОТО (Санкт-Пецярбург, Расія), Рускім музеі фатаграфіі (Ніжні Ноўгарад, Расія).


Выстава даступная для прагляду да 21 кастрычніка 2017 года
Месца: прастора «Кніжная Шафа» (Мiнск, пр-т Дзяржынскага, 9, уваход са двара каля пад'езду №5)
Час працы: панядзелак-пятнiца 12.00 – 19.00, субота 12.00 – 18.00 (нядзеля – выходны)
Тэлефон для даведак: + 375 17 234 48 64, + 375 29 645 20 55

Уваход вольны

 

Оставить комментарий

Оставлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Пожалуйста, авторизируйтесь или зарегистрируйтесь.