Трэба прыязджаць у месца ненадоўга, і першае, што чапляе, кладзецца ў аснову праекта
01.10.2014 | 0

Трэба прыязджаць у месца ненадоўга, і першае, што чапляе, кладзецца ў аснову праекта

Сяргей Гудзілін у конкурсе Belarus Press Photo'14 заняў першыя месцы ў «партрэтных намінацыях» - з сінглам у рэпартажным партрэце і з серыяй у пастановачным партрэце. Mediakritika.by распытала маладога таленавітага калегу, як адбываліся здымкі пераможных фота і ў чым была іхняя адметнасць?

 

ПРА ПАСТУХА

Увогуле, гэты велізарны праект – цэлая серыя фотаздымкаў таго, якое жыццё ў беларускіх лакацыях. Як я яго бачу, як я яго сустракаю. На конкурс я дасылаў усю серыю, але, відаць, яна была дрэнна сабрана і не працавала як серыя. Журы проста прыняло рашэнне выбраць адтуль сінгл. Па правілах такое магчыма.

Над праектам я працую так: прыязджаю ў пэўную мясцовасць і працую там 3-5 дзён, пакуль не адчуваю, што набор кадраў, момантаў, якія мяне чапляюць, зроблены. Там такая логіка ў праекце — трэба прыязджаць у месца ненадоўга, і першае, што чапляе, што ты можаш з гэтай сітуацыі пабачыць, кладзецца ў аснову праекта.

Кадр-пераможца — непастановачны. Я ішоў-ішоў па гэтаму Хоцімску. Гляжу — каровы, пастухі. Я з пастухамі разнаёміўся, таму перада мною яны былі ў нейкіх сваіх натуральных дзеяннях. І ўсё, я магу спакойна хадзіць і здымаць як хачу.

Канешне, гэта было не проста фармальна «Я фатограф, фатаграфірую усё, і я вас пафатаграфірую». Я заўжды знаёмлюся з людзьмі: яны павінны разумець чым я займаюся, навошта здымаю. Праводзіцца папярэдняя размова, на якую ты губляеш час і паўтараеш нейкія рэчы. Гэта тып паводзінаў, які фатограф выбудоўвае.

І вось у пэўны момант пастух вось так павярнуўся, там стада, тут ён з гэтай цыгарэткай... Я пачынаю здымаць, а ў яго нейкае эмацыйнае напружанне. Пастух разумее, што я вельмі блізка, і ўзіраецца ў мяне. Там вельмі добры погляд, нейкі дзіўны, прастранны. Хаця звонку гэты пастух вельмі брутальны.

Зараз я працягваю над гэтым доўгім праектам, раблю здымкі ў іншых лакацыях. У фармат кароткай гісторыі праект не ўлазіць – гэта вялікая форма.

 

ПРА СЕРЫЮ "ФОТААТЭЛЬЕ"

Я неяк перасякаўся з праграмістам, які рабіў мне сайт. І так папала сустрэцца ў атэлье, куды ён пайшоў рабіць фатаграфію на візу. А я быў побач і, думаю, дай здыму гэтую сітуацыю. Там усе гэтыя ліхтары, дарк-рум... Гэта было зімою 2012 года. І пасля я забыўся на гэтую карцінку. А дзесьці вясною 2013 года ўзгадаў пра яе і зразумеў, што можна зрабіць серыю з гэтых дарк-румаў, калі беларусы здымаюцца на візы. Беларусы першыя ў свеце па колькасці выданых шэнгенскіх віз. Гэта гісторыя пра камунікацыі, штосці такое тонкае.

Спачатку быў этап падрыхтоўкі. Але потым вырашыў не замарочвацца і знайшоў усіх людзей праз фэйсбук. Проста напісаў: «Хто робіць бліжэйшым часам візу?»

Праблема была з пошукам фактуры. Я хацеў сфатаграфаваць вельмі розныя сітуацыі ў вельмі розных месцах. Ёсць і трэшавыя студыі, і прафесійныя. Мне быў патрэбны баланс, які б раскрываў гэтую сітуацыю разнастайнасці.

Увогуле, я думаў, што будуць толькі дарк-румы, дзе ўсё адбываецца. Але потым пачаліся чаргаванні, паўторы і таму нельга было зрабіць проста 12 спотаў. Вырашыў разбавіць карцінкай, якая атрымліваецца ўвыніку. Пасля таго, як люді фатаграфаваліся на візу, я проста прасіў выразаць і падарыць мне адну фотку. І потым, за адзін дзень, усе выразаныя перазняў на белым лісце паперы і ўключыў у серыю, каб разбавіць гісторыю.

Я хацеў ахапіць розныя гарады. Здымаў у Смалявічах, Барысаве, Мінске, Жодзіна. Асноўныя гарады, канечне, апошнія тры. Проста каб разбавіць нейкім чынам гарадскую прастору, паказаць, што гэта не чыста мінская з'ява.

Што тычыцца месцаў — хтосьці зрабіў фотаатэлье ў краме, хтосьці ў падвале старога дома. Але ж месца не мае значэння, мне проста падабалася гэтая фактура, з'ява. Канешне, можна пашукаць і нейкі філасофскі падтэскт: «Як людзі пазіруюць, каб выглядаць дакументальна спрошчана». 

Источник: http://mediakritika.by

Оставить комментарий

Оставлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Пожалуйста, авторизируйтесь или зарегистрируйтесь.