Гісторыя аднаго фотаздымка
05.05.2014 | 0

Гісторыя аднаго фотаздымка

Шмат гадоў запар 5 мая ў Беларусі адзначаецца Дзень работнікаў друку. Ён быў прафесійным святам і для Яўгена Карпавіча Казюлі, які належаў да паважанай кагорты фотакарэспандэнтаў і дзевяты дзень памяці якога выпаў менавіта на 5 мая...

Сёння мы прапануем вашай увазе ўспаміны Яўгена Казюлі пра цікавую працу фотакарэспандэнта.

ГУСЛЯР

Як зайгралі, загудзелі
Гуслі-самаграі,
Панясліся, паляцелі
Песні па ўсім краі.
Я.Купала

Вынікам маёй прыхільнасці да тэмы народнай творчасці стала вялікая галерэя партрэтаў народных майстроў: таленавітых ганчароў, разьбяроў, цесляроў, кавалёў, пазалотнікаў, жывапісцаў, вышывальшчыц, ткачых, самабытных стваральнікаў музычных інструментаў. З цягам часу з гэтага багатага матэрыялу нарадзілася выстава «Ад прадзедаў, спакон вякоў...».
І хаця фатографу кожная фатаграфія грэе сэрца, адну з іх я міжвольна вылучаў асабліва, бо была яна тым стрыжнем, на якім трымалася ідэя выставы.

..А пачалося ўсё ў ліпені 1988-га з тэлефоннага званка майго даўняга сябра, майстра-музыкі Уладзіміра Пузыні. Ён узрушана паведаміў, што недалёка ад станцыі Уша пад Маладзечнам жыве 86-гадовы гусляр Максім Пятровіч Такушэвіч – магчыма, апошні гусляр на Беларусі! Неверагодная навіна тут жа выклікала ў памяці вобраз, навеяны Купалаўскім гусляром і гравюрамі Арлена Кашкурэвіча: сівога старца ў даматканай палатнянай світцы.
Адклаўшы ўсе справы, мы тут жа скіраваліся ў шлях. Электрычкай даехалі да Ушы і адтуль рушылі пехатой у бок вёскі з каларытнай назвай Уланаўшчына. Пакуль ішлі (а дарога – каля сямі кіламетраў), я меркаваў, што і як буду здымаць. Праблем увогуле ніякіх не бачыў, бо падрыхтаваўся да работы грунтоўна: прыхапіў адзін куфар з фотаапаратурай, другі – з галагенавым асвятленнем, за плячыма вісеў штатыў.

Вось і хутар Сакаўшчына, дзе жыў наш гусляр. Старэнькая хата ды пахілая пуня пад купай старых ліп. Мы былі ўжо на падыходзе, калі пайшоў нудны аблажны дождж. У дадатак высветлілася, што цывілізацыя ў выглядзе электрычнасці на хутары адсутнічае. Пакуль знаёміліся з гаспадаром і яго жонкай Ксеніяй Восіпаўнай, ліхаманкава думаў, што ж мне рабіць. У хаце з падслепаватымі аконцамі – цёмна, на двары – мокра і шэра. Разумеючы, што такі унікальны сюжэт абыяк зняць недаравальна, прымаю нялёгкае рашэнне: сёння не здымаць, а прыйсці сюды яшчэ раз.

Каб неяк апраўдацца перад гаспадаром, раблю некалькі здымкаў у яго майстэрні і дамаўляюся на чарговую сустрэчу.


Не трэба казаць, з якім настроем мы вярталіся ў Мінск...

А праз два тыдні зноў наведаліся ў Сакаўшчыну. Праз сонечную сенажаць пагукалі Максіма Пятровіча, які пасвіў коз у суседнім пералеску. Ён хутка з’явіўся перад намі ў суправаджэнні рагатага эскорту.
Месца для фатаграфавання я прыгледзеў яшчэ ў мінулы раз – шырокая лава пад магутнай бярозай. Максім Пятровіч асцярожна паклаў свае вялікія напрацаваныя рукі на гуслі – і нарадзілася дзіўная мелодыя. Невыпадкова гусляр назваў яе «Вальс сэрца», бо з такім пачуццём, з такой шчырасцю можна граць толькі сэрцам.
Не стрымаўся тут Уладзімір Пузыня, дастаў сваю дудку, падстроіўся пад мелодыю, і па наваколлю паплыў ужо дуэт двух музыкаў.


А мне засталося толькі здымаць, здымаць, не шкадуючы плёнкі.
Цэлы дзень правялі мы ў гасцінных гаспадароў у прадчуванні, што больш не ўбачымся...

  • Гэты здымак гусляра, што зняты Яўгенам Казюлем, абышоў безліч выданняў, экспанаваўся на шматлікіх выставах, а зараз захоўваецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.

 

Оставить комментарий

Оставлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Пожалуйста, авторизируйтесь или зарегистрируйтесь.