Сула. Непарыўнае. Фотапраект Марыны Бацюковай
05.05.2016 | 0

Сула. Непарыўнае. Фотапраект Марыны Бацюковай

У Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь 18 мая адкрыецца новы праект. Расказвае яго аўтар, Марына Бацюкова.

Фотаапарат дапамагае мне зафіксаваць самабытны свет традыцый, змяшаны са стракатай паўсядзёнкаю вясковага жыцця.

Калісьці язычнікі  потым хрысціяне, учора камуністы  сёння праваслаўныя, але заўсёды, на ўсялякі выпадак, тройчы папляваць цераз плячо. Гэтак можна абазначыць культурны сплаў, паказаны аўтарам. Абрадавыя строі прымушаюць успомніць этнаграфічныя фатаграфіі Раманюка. Толькі гэтым разам перад вамі дзіўная сітуацыя парванай повязі паміж традыцыяй і сучаснасцю. Фатаграфіі паказваюць нам адначасова стогадовыя абрадавыя сукенкі і стаптаныя кітайскія пластыкавыя сандалі. Глабалізацыя прыходзіць у гэтую вёску, але, праходзячы праз фільтр тутэйшага жыцця, становіцца вельмі асаблівай, аўтэнтычнай.
Перад вамі некаторыя фатаграфіі з новага праекту «Сула. Непарыўнае». У сваёй новай працы я даследую жыццё ў вёсках Неглюбка і Стаўбун Гомельскай вобласці падчас вясновага свята 
абраду «Пахаванне стралы (сулы)». Традыцыя свята пакаленнямі застаецца нязменнай: жыхаркі вёскі прыбіраюцца ў нацыянальныя строі. Спяваюць і ідуць насустрач адзін адному з розных бакоў вёскі, пакуль не самкнуцца ў адным карагодзе, ідуць, бесперапынна спяваючы,да жыта. Нібы ткуць ручнік  дарогу радасці да шчасця і дабрабыту. Водзяць карагоды і спяваюць, потым закопваюць у зямлю «Сулу»  хаваюць цёмную сілу разбурэння, пераўтвараючы ў дабро, багацце і поспех. Збіраюць абярэгі  каласкі, падаюць і катаюцца ў жыце, убіраючы ў сябе моц і здароўе.
Я імкнулася ўкласці ў свае здымкі стан сінэстэзіі. Вачыма мы адчуваем водар жыта, чуем абрадавыя песні і ўдыхаем пах часнаку і сала. Мы бачым спалучэнне дрымуча 
старажытнага, бытавога жыцця і гумару. Свята «Пахаванне стралы»  гэта абрад, які далучае да непераадольнага руху жыццёвых сокаў ва ўсім, што павінна ўзысці, расці, квітнець і налівацца. Яны і самі не ўзгадваюць, калі і з чаго ўсё пачалося. Затое законы іх архаічных абрадаў, што наўпрост вынікаюць з распаўсюджанага тут ткацтва і вышывання, мясцовыя пявунні няўхільна выконваюць. Тысячы пакаленняў змяніліся, але тая аснова, што заткалі калісьці нашыя прабабкі, зноў і зноў ўзнімаецца ўвысь валокнамі-нітамі, і човен памяці хутка стварае старадаўні ўзор пакланення зямлі і небу, зёлкам і хлебу, пачатку і завяршэнню. Непарыўнасць у здольнасці змяняцца, насычацца новым, захоўваючы пры гэтым старое, пакідае адбітак ў сакавітых колерах гэтай фатаграфічнай серыі.

Оставить комментарий

Оставлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Пожалуйста, авторизируйтесь или зарегистрируйтесь.