Месяц фатаграфіі ў Мінску – 2017. «Калектывізацыя»
01.09.2017 | 0

Месяц фатаграфіі ў Мінску – 2017. «Калектывізацыя»

У верасні 2017 года чацвёрты раз у Беларусі пройдзе МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – міжнародны фестываль, пакліканы пашыраць разуменне фатаграфічнага медыуму, спрыяць развіццю культурнага поля і ўмацаванню статусу беларускай фатаграфіі ў рэгіёне і свеце.

За час працы фестывалю ў яго імпрэзах былі задзейнічаныя фатографы, арт-крытыкі і куратары з 11 краінаў. На 12 пляцоўках Мінску і Гродна праходзілі культурныя і адукацыйныя сустрэчы з удзелам гасцей з Аўстраліі, Беларусі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны і Францыі. На сённяшні момант агульны ахоп аўдыторыі фестывалю склаў каля 500 000 гледачоў.



Мінулаю восенню МЕСЯЦ ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ ўпершыню быў заяўлены як тэматычны. На 5 выставах асноўнай праграмы, якая займала прастору ангару сталічнага ЦЭХу, аўтары і фотакалектывы з розных перспектываў разглядалі апазіцыю «цэнтр/перыферыя». І калі ў 2016-м, прапанаваўшы такую, на першы погляд, геаграфічную праблему, мы хацелі падкрэсліць шырыню і дынаміку фатаграфіі, то тэма фестывалю-2017 адлюстроўвае супрацьлеглы кірунак.

Сітуацыя ў культурным і арт-асяродку Беларусі ды свету падштурхнула нас абраць у якасці канцэптуальнага пункту адліку тэму «калектывізацыі». Разам з гасцямі і ўдзельнікамі фестывалю мы хочам прапанаваць вывучыць самыя розныя значэнні, якія могуць асацыявацца з гэтым паняткам і, магчыма, адысці ад тых, што звязваюць яго з гісторыяй Савецкага Саюзу. «Паглыбленне» сёлета адбудзецца і на ўзроўні краіны: выставы і імпрэзы МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ пройдуць не толькі, традыцыйна, у Мінску і Гродне, але і ў Брэсце, Паставах і Каптарунах – арт-вёсцы, арганізаванай пісьменнікам Артурам Клінавым і тэатральным крытыкам ды рэдактаркай часопісу «pARTisan» Таняй Арцімовіч на беларуска-літоўскай мяжы.


Сяргей Ждановіч. З серыі «Прастора, якую шукаў(і)знайшоў»


Асноўная экспазіцыя МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – 2017 стартуе 6 верасня на пляцоўцы новай прасторы «Сталоўка XYZ» і будзе ўлучаць 6 выставаў, кожная з якіх па-свойму падыходзіць да семантычнага поля «калектыўнага». Мы ўпэўненыя, што кола інтэрпрэтацыяў «калектывізацыі» значна пашыраецца і выходзіць за межы феномену першых дзесяцігоддзяў існавання СССР, які апісвае аб’яднанне аднаасобных сялянскіх гаспадарак у калгасы, калі мы звяртаемся да ўтваральнага слова – лацінскага collectivus (‘зборны’) – і разглядаем яго з пазіцыяў сённяшніх рэаліяў.

Архіўнай фатаграфіі, якая зважае на метафізічныя аспекты калектыўнасці як пераемнасці роду, у межах цэнтральнай экспазіцыі фестывалю прысвечаныя дзве выставы: «Што не памірае, не жыве» з дакументальнымі здымкамі Яна Сівіцкага і Багуслава Аўгустыса пахавальных рытуалаў і «Найлепшы бок» маладога сацыякультурнага праекту «Веха» – беларускай ініцыятывы, што дапамагае аднаўляць, правільна захоўваць і збіраць сямейныя архівы.

«IS(not)» – гісторыі пра Ісландыю, «старажытны кантынент, населены эльфамі і апанентамі ЕЗ», ад польска-беларускага калектыву «Sputnik Photos» – дэманструе патэнцыял групавой працы ў галіне фатаграфіі, якая дазваляе, пераадольваючы стэрэатыпы, «калектыўна» падысці нават да вывучэння тэмы, культурна далёкай аўтарам.

«Выклік дахаты» – вынік кааперацыі яшчэ аднаго калектыву, «Галерэя Indie», эксперымент, падчас якога, абмяняўшыся ключамі ад кватэраў, 12 ізраільскіх фатографаў знялі ў кожнай з іх праект, які адлюстраваў аўтарскае разуменне слова «прыстанак», тым самым падымаючы пытанні схаванага і асабістага, калектыўнага і прыватнага, бачнага іншым і нябачнага нам.

Выстава «Жаночы эмансіпацыйны праект: паміж утопіяй і рэальнасцю (да 100-годдзя рэвалюцыі 1917 года)» даследуе, як сёння суіснуюць новае (нацыянальнае) у старым і (не-)зробленае, тое старое, што не атрымала прызнання – у новым. Як суіснуюць гістарычныя калектыўныя наратывы і асабістыя, больш схаваныя наратывы жанчын-актывістак. Выстава прэзентавана «Гендарным Маршрутам», куратарка Iрына Саламацiна. Будуць паказаныя партрэты ўкраінскіх жанчын-вайсковак і жанчын, якія ваююць, творы Жанны Капуснікавай і фільмы «Маляваны рай» пра беларускую мастачку-прымітывістку Алёну Кіш (аўтарка сцэнара і рэжысёрка – Галіна Адамовіч) ды «Палута Бадунова: згадаць і не забыць» (рэжысёр – Валерый Мазынскі).

Беларуская фатаграфія будзе рэпрэзентаваная праектам Вольгі Бубіч «Больш, чым Я» (куратары Артур Бондар і Аксана Юшко) пра феномен «чарнобыльскіх дзяцей», якія ў межах гуманітарных праграмаў выязджаюць з 1991 года на аздараўленне ў Еўропу і Паўночную Амерыку. Адно з крытычных пытанняў выставы – супрацьпастаўленне «асабістага» і «калектыўнага», звязанага як з бюракратычнай сістэмай, гэтак і з вялікшым, глабальным светам, часткаю якога ў цяперашні час паступова робяцца і дзеці.


Фота з праекта Вольгі Бубіч «Больш, чым Я»


На святочным адкрыцці фестывалю 6 верасня, а таксама 7-8 верасня а 21.00 у межах святкавання Дня гораду (на сценах мінскай ратушы) будуць паказаныя праекцыі французскага візуальнага мастака Клемана Брыена, якія адлюстроўваюць гісторыю беларускай сталіцы і традыцыяў рэгіёну.

Паралельная праграма МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ задзейнічае яшчэ 9 пляцовак. Гэта 6 мінскіх пляцовак: галерэя «Ў» (выстава Андрэя Лянкевіча «Бывай, Радзіма!» і выстава «VORTEX PREVIEW» ад Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў), Нацыянальны гістарычны музей (выстава класіка беларускай фатаграфіі Льва Дашкевіча «Беларусі прысвячаецца…»), Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва (выстава фотамастакоў Вікторыі Біншток і Міхаэля Шэфэра «Па і супраць плыні. Сучасныя фатаграфічныя ўмяшаньні»), ЦЭХ (Частка 2. «Гендарны маршрут»: «Жаночы эмансіпацыйны праект: між утопіяй і рэчаіснасцю»), галерэя «Кніжная шафа» (выстава «Там» Альберта Цехановіча), Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства (традыцыйная падборка вынікаў конкурсу дзіцячай фатаграфіі «Свет вакол нас», зарганізаванага фотаклубам «Святласіла», Паставы), – а таксама культурныя цэнтры Брэсту, Гродна і Віцебскай вобласці (Лынтупы). У брэсцкай прасторы «Крылы халопа» пакажуць групавы праект «BY NOW», у Цэнтры гарадскога жыцця, Гродна, – частку шырокага архіву Бюро фотафестывалю «Месяц фатаграфіі», а ў Доме культуры Лынтупаў – вынікі арт-рэзідэнцыі Каптаруны-2017.


Галерэя “Indie”. «Выклік дахаты»


Адмысловымі гасцямі МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ – 2017, якія наведаюць імпрэзы асабіста і правядуць у межах фестывалю майстар-класы, лекцыі і прэзентацыі, стануць Міхал Лучак (калектыў «Sputnik Photos», Польшча), Гжэгаж Дамброўскі (праект «Albom.pl», Польшча), Клеман Брыен (пры падтрымцы амбасады Францыі) і Міхаэль Шэфэр (пры падтрымцы Інстытуту Гётэ).

Гістарычны складнік сёлета працягнецца супрацаю фестывалю з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, у сценах якога будзе паказаная выстава, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы. У межах закладзенай у 2016 годзе серыі альбомаў «Бібліятэка МЕСЯЦА ФАТАГРАФІІ ў МІНСКУ» выйдзе каталог з працамі гэтага класіка беларускай фатаграфіі. Выстава пройдзе з 10 да 29 кастрычніка.

Афіцыйны сайт фестывалю >>


ПРАГРАМА ФЕСТЫВАЛЮ
*Праграма можа змяняцца і дапаўняцца, просім сачыць за абнаўленнямі.

05.09
Лекцыя Клемана Брыена «Краўдфандынг. Як падрыхтаваць і паспяхова завершыць краўдфандынгавы праект»

Галерэя «Сталоўка XYZ», 19:00 Падрабязней >>

06.09
Афiцыйнае адкрыццё «Месяца фатаграфii ў Мiнску — 2017»

Галерэя «Сталоўка XYZ», 19:00 Падрабязней >>

06.09 — 06.10
SPUTNIK. «Is(not)» Падрабязей >>
Галерэя «Indie». «Выклік дахаты» Падрабязней >>
Albom.pl. «Што не памірае, тое і не жыло» Падрабязней >>
Вольга Бубіч. «Больш, чым Я» Падрабязней >>
ВЕХА (VEHA). «Найлепшы бок» Падрабязней >>
Гендэрны маршрут «Жаночы эмансіпацыйны праект: між утопіяй і рэчаінасцю (да 100-годдзя рэвалюцыі 1917 г.» Падрабязней >>
Галерэя «Сталоўка XYZ»
Адкрыццё выстаў — 19:00

Экскурсіі:
20.00 Экскурсія па выставе «Што не памірае, тое і не жыло» ад Гжэгажа Дамброўскага. Праект Albom.pl
20.30 Экскурсія па выставе «Is(not)» ад Міхала Лучака. Калектыў Sputnik
21.00 Экскурсія па выставе «Выклік дахаты» ад калектыва Indie

06.09
Праекцыі Клемана Брыена на фасадзе «Сталоўкі XYZ» падчас афіцыйнага адкрыцця фестывалю «Месяц фатаграфіі ў Мінску»

Галерэя «Сталоўка XYZ», 19:00

07.09 — 05.10
«па і супраць плыні». Сучасныя фотаінтэрвенцыі: №1 Вікторыя Біншток, №2 Міхаэль Шэфер

Нацыянальны цэнтр Сучасных Мастацтваў
Адкрыццё выставы — 19:00 Падрабязней >>

07.09 — 05.10
«VORTEX PREVIEW»​. Праект Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
Адкрыццё выставы — 17:00 Падрабязней >>

07.09
Майстар-клас Гжэгажа Дамброўскага «Што хаваюць хатнія архівы»

Бюро МФМ, 11.00 – 17.00 Падрабязней >>

Праекцыі Клемана Брыена на фасадзе ратушы на пл. Свабоды падчас святкавання Дня гораду Мінску
Будынак Ратушы, пл. Свабоды, 21.00 – 22:00 Падрабязней >>

08.09 — 29.09
Гендэрны маршрут. «Жаночы эмансіпацыйны праект: між утопіяй і рэчаіснасцю (да 100-годдзя рэвалюцыі 1917 года)».Частка 2. «Працяг будзе»

Галерэя «ЦЭХа»
Адкрыццё выставы — 19:00

08.09
Практычны майстар-клас з фотамастакамі Вікторыяй Біншток і Міхаэлем Шэфэрам для фатографаў у межах выставы «па і супраць плыні». Сучасныя фотаінтэрвенцыі: №1 Вікторыя Біншток, №2 Міхаэль Шэфер

Месца з’явіцца пазней, 10.00 – 18.00 Падрабязней >>

Прэзентацыя кніг «NO.04» і «Fruit Garden»
Галерэя «Сталоўка XYZ», 19:00 Падрабязней >>

Праекцыі Клемана Брыена на фасадзе ратушы на пл. Свабоды падчас святкавання Дня гораду Мінску
Будынак Ратушы, пл. Свабоды, 21.00 – 22:00

09.09
Праекцыі Клемана Брыена на фасадзе ратушы на пл. Свабоды падчас святкавання Дня гораду Мінску

Будынак Ратушы, пл. Свабоды, 19.00 – 21:00

Прэзентацыя беларуска-польскага праекта “Polis(h) Photo Lab”
Галерэя «Сталоўка XYZ», 19.30 Падрабязней >>

12.09 — 21.10
Альберт Цэхановiч. «Там»

Галерэя «Кніжная шафа»
Адкрыццё выставы — 19:00 Падрабязней >>

12.09 — 12.10
«BY NOW»

Прастора «Крылы Халопа», Брэст
Адкрыццё выставы — 19:00

14.09 — 30.09
Андрэй Лянкевіч. «Бывай, Радзіма»

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»
Адкрыццё выставы — 19:00 Падрабязней >>

15.09
Прэзентацыя праекта ВЕХА (VEHA)

Галерэя «Сталоўка XYZ», 19.00 Падрабязней >>

18.09 — 30.09
Выстава архіву БЮРО МФМ

Цэнтр гарадскога жыцця, Гродна
Адкрыццё выставы — 19:00

28.09 — 30.10
«Свет вакол нас»

Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства горада Мінска
Адкрыццё выставы — 14:00 Падрабязней >>

28.09
Адукацыйная праграма «Калектывізацыя. Сучаснае мастацтва. Польская сцэна». Лекцыя 1. «Калектывізацыя – архівы». Праводзіць Патрыцыя Ажэхоўска

Галерэя «Сталоўка XYZ», 18.00 Падрабязней >>

29.09
Адукацыйная праграма «Калектывізацыя. Сучаснае мастацтва. Польская сцэна». Семінар 1. «Калектывізацыя – архівы»

Бюро МФМ, 10.00 – 17.00 Падрабязней >>

Адукацыйная праграма «Калектывізацыя. Сучаснае мастацтва. Польская сцэна». Лекцыя 2. «Калектывізацыя – супраца». Праводзяць Анета Гжэшыкоўска і Ян Смага
Галерэя «Сталоўка XYZ», 18:00 Падрабязней >>

30.09
Адукацыйная праграма «Калектывізацыя. Сучаснае мастацтва. Польская сцэна». Семінар 1. «Калектывізацыя – архівы»

Бюро МФМ, 10.00 – 12.00

Адукацыйная праграма «Калектывізацыя. Сучаснае мастацтва. Польская сцэна». Семінар 2. «Калектывізацыя – супраца»
Бюро МФМ, 13.00 – 20.00

01.10
Адукацыйная праграма «Калектывізацыя. Сучаснае мастацтва. Польская сцэна». Семінар 2. «Калектывізацыя – супраца»

Бюро МФМ, 10.00 – 12.00

03.10
Уручэнне прэміі Бюро фотафестывалю «Месяц фатаграфіі»

Галерэя «Сталоўка XYZ», 19:00

05.10
Прэзентацыя каталогу Льва Дашкевіча

Галерэя «Сталоўка XYZ», 19:00

10.10 — 31.10
«Месца»

Дом культуры, Лынтупы
Адкрыццё выставы — 19:00 Падрабязней >>

10.10 — 29.10
«Беларусі прысвячаецца…» Фатаграфіі Льва Дашкевіча, да 135-годдзя з дня нараджэння фотамастака Льва Дашкевіча і паэта Янкі Купалы

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь Падрабязней >>

Оставить комментарий

Оставлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Пожалуйста, авторизируйтесь или зарегистрируйтесь.