Прафота-2017: свет, у якім перамагае сіла
12.06.2017 | 0

Прафота-2017: свет, у якім перамагае сіла

8 чэрвеня у арт-прасторы ЦЭХ прайшло адкрыццё выставы Прафота-2017 і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу праектнай фатаграфіі і лічбавага сторытэлінгу.

Прэмія Прафота праходзіць у Беларусі трэці раз. У 2017 годзе журы атрымала 79 заявак ад 52 аўтараў. Сёлета спіс традыцыйных намінацый –  «Дакументальная фатаграфія» і «Арт-фатаграфія» – пашырыўся трэцыяй намінацыяй – «Лічбавы сторытэлінг»,  дзе прымаліся гісторыі, створаныя дзякуючы змяшаным лічбавым тэхналогіям.

Па рашэнню журы спіс пераможцаў Прафота-2017 выглядае наступным чынам:

  • «Дакументальная фатаграфія»: «Фота на памяць» Аляксандр Васюковіч
  • «Арт-фатаграфія»: «Алфавіт вайны» Вольга Савіч
  • «Лічбавы сторытэлінг»: «Кожная трэцяя. За зачыненымі дзвярыма» Аляксандр Васюковіч, Дар'я Царык

Серыя «Шэпт» Сяргея Лескеця

Серыя «Атамны век» Дзяніса Галавея


Пасля дэтальнага азнаямлення з праектамі разумееш: ва ўсіх трох гісторыях, насамрэч, адзін і той жа пасыл, хоць на першы погляд яны і выглядаюць вельмі рознымі і асобнымі.

Напрыклад, «Фота на памяць». Жахлівая гульня вайны з людзьмі ў «крыжыкі-нолікі». За кожным такім «крыжакам» ­– знянацку абарванае жыццё. І можна колькі заўгодна працягваць бясконцую спрэчку пра «крымнаш», але ў рэшце рэшт анічога не мае значэння, калі чыйсці сын, муж ці брат не вярнуўся дадому.

Дыд’е дэ Фэ, які ўвайшоў у склад журы, слушна заўважыў: «Гэтая дакументальная праца сапраўды ўражвае, бо паведамляе ўсё пра чалавечую драму ў ваенным канфлікце, без якіх-небудзь словаў. Гісторыя расказаная наўпрост, канкрэтна. Гэта ашаламляльны спосаб апавесці пра тое, чым была вайна».


Аляксандр Васюковіч падчас прэзентацыі праекту «Фота на памяць»


Арт-праект «Алфавіт вайны» Вольгі Савіч ­– таксама пра вайну, больш далёкую, але ад гэтага не менш страшную. Мастачка спрабуе адрэфлексаваць і даведацца па старому фотаздымку часоў Першай сусветнай вайны, дзе пажоўклыя чорна-белыя вайскоўцы стаяць з нетыпова паднятымі рукамі, з якіх літар-жэстаў складаецца вайна, на якой мове, ў рэшце рэшт, размаўляе вайна. 


З праекту «Алфавіт вайны» Вольгі Савіч


Праект «Кожная трэцяя. За зачыненымі дзвярыма» Аляксандра Васюковіча і Дар'і Царык ужо добра вядомы на конкурсе. Пераможца 2015 года ў намінацыі «Дакументальная фатаграфія», сёлета праект быў заяўлены ў намінацыі «Лічбавы сторытэлінг». Адна з самых цёмных і негалосных тэм сучаснай Беларусі – тэма дамашняга насілля – таксама пра вайну, пра вайну мужчыны над жанчынай. Калі слухаеш гэтыя маналогі, маналогі ахвяр хатняга гвалту, нейкі момант цешыш сябе надзеяй, што гэта нейкае кіно, што ну не можа такога быць, што гэтае нейкае пекла, а не чыесьці рэальныя гісторыі. Так, гісторыі. Так, можа. Дакументальныя стужкі пра пекла.

Сіла, якая сёння, ў ХХІ стагоддзі, становіцца – на дзіва – вырашальным фактарам, пануе ўсюды: у сем’ях, грамадстве, паміж дзяржавамі… Словы становяцца нікчымным смеццем (гэта пры тым, што чалавек – найразумнейшая з жывых істот – надзелена такім выключным свойствам, як размаўляць і дамаўляцца), бо правым становіцца той, хто мацнейшы. 


Праект  «Мяне тут няма» Лесі Пчолкі

Праект «Быць сувораўцам» Сяргея Балая 


Выстава працуе да 30 чэрвеня Падрабязней >>

Ганна Грынкевіч
Фота аўтара

 

Оставить комментарий

Оставлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Пожалуйста, авторизируйтесь или зарегистрируйтесь.