Прэзентацыя фотаальбома «Містэрыі Гервятаў» Валера Вядрэнкі
by Беларусь, Мінск, вул. Савецкая, 15

Прэзентацыя фотаальбома «Містэрыі Гервятаў» Валера Вядрэнкі

 Начало : 18 апреля 2018 18:00

 Конец : 18 апреля 2018 19:30

 Теги:

Нет тегов

Фотографии конкурса :

18 красавіка 2018 года а 18-й гадзіне ў Чырвоным касцёле (Дольнай зале) адбудзецца прэзентацыя фотаальбома Валера Вядрэнкі «Містэрыі Гервятаў», які нядаўна выйшаў у выдавецтве «Тэхналогія».

Крыніцай натхнення аўтара стаў касцёл Святой Тройцы ў Гервятах — паўночная перліна беларускай неаготыкі. Змешчаныя ў кнізе фотаздымкі перадаюць, паводле словаў мастака, непаўторную і натхняльную моц архітэктуры храма, напаўняюць пачуццём гонару за высокі ўзор стылю і дасканалы вобраз увасобленай веры, нагадваюць пра веліч мінуўшчыны і даюць надзею на рэнесанс.



Старонкі з фотаальбома


У альбом увайшлі працы, створаныя ў 2008–2013 гадах. Гэта дакументальныя фотаздымкі рэстаўрацыі і вонкавага аблічча касцёла ў розныя поры года; фасады і інтэр’еры, стылізаваныя пад фотагравюры канца XIX — пачатку XX стагоддзя; фотапластычныя кампазіцыі на тэмы Евангелля. Асобную частку складае рэпартаж пра святкаванне Вялікадня 23–24 красавіка 2011 года.

Альбом прысвечаны ксяндзу Леаніду Нісцюку, намаганнямі якога святыня была вернутая да жыцця. Ён неаднойчы казаў, што ў аднаўленні храма ўклад тутэйшых жыхароў быў самым важкім і вызначальным. І гэта стала галоўным матывам стварэння апошняй часткі альбома.

Сярод удзельнікаў імпрэзы аўтар Валер Вядрэнка, рэдактар выдання Зьміцер Санько, мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, фотамастак і літаратар Георгі Ліхтаровіч, сябры і калегі аўтара. Таксама ў межах прэзентацыі запланаваны паказ фотафільма «Апосталы Гервятаў» — своеасаблівага «кіно ў дзвюхмернай прасторы», створанага, каб яшчэ глыбей перадаць эмоцыі, якія ўзнікаюць пад час наведвання храма.

Мерапрыемства ў Facebook >>


Дата: 18 красавіка 2018 года, 18:00
Месца: Чырвоны касцёл (Мінск,
вул. Савецкая, 15)

Уваход вольны!