«Рызомы». Фотавыстава Марыны Бацюковай
30.06.2018 | 0

«Рызомы». Фотавыстава Марыны Бацюковай

5-га ліпеня ў «Палацы мастацтва» адкрыецца вялікі аўтарскі праект вядомага беларускага фатографа Марыны Бацюковай, прысвечаны пытанню фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці. Аўтар звяртаецца да людзей, якія фарміруюць сёння культурную прастору Беларусі і ўсіх, хто ставіцца да тэмы неабыякава. У залах «Палаца мастацтва» і галерэі «Арт-Беларусь»  разгорнецца выстава, якая складаецца з серый «Рызомы. Мы», «Рызомы. Горад», «7Я» і «Петрыкор», аўдыёвізуальнай і інтэрактыўнай часткі. Гледачам  прапануюць стаць сааўтарамі праекта і сказаць сваё важнае слова. Для гэтага ў зале падрыхтаваны спецыяльны набор літар.



Марына Бацюкова, фатограф: «Часам можна самому сабе сказаць адно важнае слова, каб стала зразумела – хто ты, адкуль, які вырай у тваей душы і што трэба, каб жыць у гармоніі з самім сабой, людзьмі і ўсім светам...  Я пачала разважаць - якое слова скажуць мае дачка і сын. Пасля – што б сказалі людзі, якія для мяне ўвасабляюць Беларусь, родны Мінск.

Фатограф - Марына Бацюкова

 

Тэма самаідэнтыфікацыі вельмі важная для мяне таму, што ў маёй сям'і дзеці па-рознаму ставяцца да ідэнтычнасці. Зараз нарадзіліся і растуць унукі. Чым стане для іх прыналежнасць да пэўнай зямлі і культуры. Пазей узнікла жаданне даведацца, як іншыя ставяцца да гэтага пытання. У 2014-ым я зрабіла першыя фатаграфіі да праекта. Сёння я выношу яго на агульнае абмеркаванне. Галоўнае для мяне - пашукаць адказы на важныя пытанні».

Фатограф - Марына Бацюкова

 

Вольга Шпарага, філосаф, кандыдат філасофскіхнавук: «Каранёвая сістэма - «рызомы», якую выкарыстала ў сваім праекце Марына Бацюкова, можа быць метафарай сеткі згуртаванняў - «супольнасцей». Калі мы кажам не пра каранёвую сістэму дрэва свету, а пра рызаматычную – множную і разгалінаваную, якая не мае аднаго пачатку, - структуру цыбулін і клубняў.  Падобным чынам беларускую культуру апісваў Валянцін Акудовіч, абазначаючы яе як нелінейную. Паколькі розныя яе персанажы – Еўфрасіння Полацкая і Сымон Будны, Пётр Машэраў і Святлана Алексіевіч, і іншыя – не аб'ядноўваюцца ў адну, нацыянальную Беларусь. Гэта структура падобна таксама да багны, калі вызваліць яе ад канатацый чорнай дзіркі і ў якасці вызначальных рысаў вылучыць адсутнасць цэнтра і дынамічнае суіснаванне сушы і вады».


Вернісаж: 5 ліпеня, 17:00
Выстава працуе з 5 ліпеня да 29 ліпеня 2018 года
Месца: «Палац мастацтва» і галерэя «Арт-Беларусь» (Мінск, вул. Казлова, 3)

Больш інфармацыі ў суполцы ў facebook

Оставить комментарий

Оставлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Пожалуйста, авторизируйтесь или зарегистрируйтесь.